Святло далёкай зоркі
Людміла Осцік, старшая акушэрка радзільнага аддзялення Ашмянскай ЦРБ, пяты год на пасадзе. За гэты час увішная і добразычлівая жанчына заваявала непераўзыдзены аўтарытэт — і ў калектыве, і сярод пацыентаў.
Фота Сяргея Міцевіча "МВ"
— Людміла Генадзьеўна заўсёды ўсюды першая, — гаворыць пра яе загадчыца радзільнага аддзялення Наталля Кунц. — Заўжды гатовая прыйсці на дапамогу. Бачыць, што каля вокнаў у двары шмат лісця апала ці снегу намяло — адразу ж бяжыць парадак наводзіць. За ёй і іншыя спяшаюцца. Рыхтуемся да спартыўных баталій — яна і тут першая. І на рабочым месцы люба на яе паглядзець.
— Гэта, мусіць, у мяне ад мамы, — сціпла ўсміхаецца Людміла. — Нарадзілася я ў вёсцы Загорнікі Ашмянскага раёна ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася 13 дзяцей, з якіх тры двойні. Мая сястра-двойня — настаўніца, жыве ў Калінінградзе. Адвучыўшыся ў Аршанскім медвучылішчы, я вярнулася на радзіму. Працавала ў жаночай кансультацыі, потым перайшла ў радзільнае аддзяленне старшай акушэркай. За гэты час паспела выйсці замуж, нарадзіць дваіх дзяцей і нават займець дваіх унукаў.
З родам адзіныя
Пра маладога спецыяліста, урача агульнай практыкі Арцёма Станулевіча намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Ашмянскай ЦРБ Ірына Еўчыц упэўнена гаворыць, што ён абавязкова тут прыжывецца. Ашмяны — яго малая радзіма.
Фота Сяргея Міцевіча "МВ"
Ірына Дзмітрыеўна у медыцыне ўжо больш як 30 гадоў і з вышыні перажытага цвёрда ўпэўнена ў тым, што сярод маладых спецыялістаў, якія да іх прыяз- джаюць на працу, у першую чаргу прыжываюцца тыя, хто адсюль родам і ў каго сваякі мелі дачыненне да медыцыны.
Яе маці Вольга Іванаўна працавала медыцынскай сястрой. Свёкар, выдатнік аховы здароўя Яўген Іванавіч Еўчыц, доўгі час узначальваў Ашмянскую ЦРБ, падаючы маладым прыклад адданага служэння прафесіі ды людзям. Пайшла ў медыцыну і дачка Вольга. Скончыўшы ГрДМУ, вярнулася на радзіму. У народзе кажуць, што дрэва моцнае каранямі. Галоўнае — пра іх памятаць.
У цэнтральнай райбальніцы працуе медсястрой і маці Арцёма Алена Станулевіч. Неўзабаве прыедзе сюды і жонка Алена, малады спецыяліст, урач-неанатолаг. Юнак ужо асвоіўся на новым месцы.
— Пасля школы быў упэўнены, што пайду ў медыцыну, — прызнаецца Арцём Станулевіч. — Інтэрнатуру праходзіў на базе Гродзенскай ЦП, дзе заўсёды шмат пацыентаў. Цяпер у Ашмянах мне дапамагае гэты вопыт.
Больш падрабязна чытайце ў газеце "Медыцынскі веснік" №7
Источник: Медицинский вестник