Ў мінулым годзе ў нас нарадзіліся 525 дзяцей, — расказвае загадчыца акушэрскага аддзялення перынатальнага цэнтра Наталля Кунц. — Да нас прыязджаюць жанчыны з Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. Пасля капітальнага рамонту жадаючых нарадзіць немаўля менавіта ў нашым цэнтры стала яшчэ больш.
Разам з Наталляй Вітальеўнай заходзім у палату, дзе знаходзяцца дзве жанчыны, якім літаральна некалькі гадзін таму зрабілі кесарава сячэнне. Побач з імі маніторы, якія дапамагаюць сачыць за іх станам. Нарадзіліся дзяўчынкі. Дзеці і мамы — пад пільным кантролем медыцынскага персаналу.
Агляд праводзіць загадчыца акушэрскага аддзялення Наталля Кунц.
— Выкарыстоўваем метад спінальнай анэстэзіі, — тлумачыць доктар. — Жанчыны пераносяць яго лепей, чым агульны наркоз, і дзіцятка сваё адразу могуць убачыць. Гэтыя эмоцыі самыя радасныя для мамы.
Звычайна ўдзел у родах прымаюць шэсць чалавек: акушэр-гінеколаг, анэстэзіёлаг, неанатолаг, акушэрка, медыцынская сястра-анэстэзіст, неанатальная медсястра.
У 34-гадовай Вольгі Будай са Смаргоні нарадзілася дзяўчынка вагой 4 850 грамаў.
— Першая мая дачка з’явілася на свет у Мінску, — распавядае Вольга. — У перынатальным цэнтры вельмі камфортна і нам, і дзеткам, тут высокакваліфікаваны, уважлівы персанал. Не горш, чым у сталіцы. Вялікі ўсім дзякуй.
Кожны дзень у аддзяленнi працуюць два акушэры-гінеколагі, у нерабочы час — дзяжурны доктар, кругласутачна на пасту ўрачы-неанатолагі. Iм дапамагаюць 14 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу, 8 з якіх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Жана Жук працуе акушэркай 25 гадоў.
— Раней на ўвесь раддом дзяжурылі толькі 2 акушэркі, — успамінае Жана Генрыхаўна. — У экстрэмальнай сітуацыі маглі выклікаць урача з дому. Сёння і гінеколагі, і неанатолагі знаходзяцца ў цэнтры ўвесь час.
Шматлюдна ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі. Над маленькімі квяцістымі канверцікамі, з якіх выглядваюць ружовыя тварыкі немаўлят, завіхаюцца ўрачы і медсёстры.
— Тут знаходзяцца дзеткі, якія маюць пэўныя праблемы са здароўем, — тлумачыць урач-неанатолаг Алена Ганчарова. — За іх станам кругласутачна назіраюць нашы спецыялісты.
Урач-неанатолаг Алена Ганчарова працуе ў цэнтры ўжо 15 гадоў.
…Да будынка цэнтра пад’ехала аўто, з якога выходзіць шчаслівы тата з букетам кветак. Поруч трохгадовы хлопчык, які разам з ім таксама чакае сустрэчы з нованароджаным брацікам. Неўзабаве на парозе з’яўляецца мама з жывым пакуначкам і ўсміхаецца: «Паглядзіце, каго нам бусел прынёс».
Источник: Медицинский вестник