rubeen
Mobile menu

У Мінску не так даўно адбылася 1-я міжнародная канферэнцыя па пытаннях анкагінекалогіі і анкаўралогіі, арганізатарамі якой выступілі Нацыянальны інстытут анкалогіі ЗША, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава і Беларускае таварыства анколагаў. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар Сяргей КРАСНЫ расказвае пасля падзеі пра тое, якую памылку дапусцілі амерыканцы адносна скрынінгу раку прастаты, што прапануе сучасная медыцына ў процістаянні ўралагічнаму і гінекалагічнаму раку і што жанчыны і мужчыны павінны рабіць для таго, каб заставацца здаровымі як мага даўжэй.

27 15 1

— Анкаўралагічныя захворванні (уся мочапалавая сістэма, пачынаючы з нырак) складаюць звыш 30 працэнтаў ад усёй анкапаталогіі ў мужчын і 25—27 працэнтаў у жанчын. Акрамя таго, гэтыя анкалагічныя службы добра праявілі сябе падчас папярэдняга з'езда анколагаў і радыёлагаў краін СНД і Еўразіі. Секцыі менавіта па гэтай паталогіі ўразілі калег з Нацыянальнага інстытута раку ЗША, з якім мы супрацоўнічаем ужо шмат гадоў. Амерыканскія спецыялісты зацікаўленыя ў абмене вопытам, сумесных даследаваннях. Апошняя канферэнцыя — гэта ў тым ліку і майстар-класы па кожнай спецыяльнасці з удзелам спецыялістаў 22 краін. Эндаскапічныя аперацыі, якія выконваліся нашымі і замежнымі хірургамі ў цэнтры, трансліраваліся анлайн у канферэнц-залу, дзякуючы чаму можна было сачыць за ходам аперацыі, задаваць пытанні.

— Шмат гадоў у краіне праводзіцца скрынінг па раку прастаты — здаровым мужчынам прапануецца здаць аналіз крыві на прастатспецыфічны антыген. Ці ёсць плён ад такога абследавання?

— Пілотны праект, пра які вы кажаце, пачаў распаўсюджвацца на ўсю краіну, што вельмі добра. Хоць эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Міжнароднага агенцтва па вывучэнні раку сцвярджалі, што такі скрынінг не патрэбны Беларусі. Маўляў, праведзенае ў ЗША даследаванне паказвае, што скрынінг раку прастаты не павялічвае выжывальнасць і не зніжае смяротнасць у краіне. Аднак літаральна днямі сталі вядомы сапраўдныя вынікі іх даследавання. Аказалася, што ў скрынінгавай групе даследаванне праходзіла 80 працэнтаў мужчын, а ў кантрольнай (дзе такое абследаванне было справай добраахвотнай, а не абавязковай) — 90 працэнтаў! Таму што амерыканскія мужчыны даўно зразумелі, што сачыць за сваім здароўем трэба без усякага прымусу. Такім чынам, спасылацца на такое даследаванне нельга, і з 1 мая скрынінг раку прастаты ўключаны ў Амерыцы ў стандарты абследавання, аб чым было аб'яўлена на нашай канферэнцыі.

У нас пакуль толькі каля 15 працэнтаў тых, каму гэта прапанавана, вызначаюць ПСА. Але 125 тысяч мужчын на год — гэта ўжо нядрэнна. Працэс наогул патрабуе пэўных выдаткаў, часу на навучанне ўрачоў, і мы пакрысе наблізімся да 50 працэнтаў, што будзе вельмі сур'ёзнай лічбай, здольнай паўплываць на сітуацыю. Доўгія гады смяротнасць ад раку прастаты прырастала ў нас на 10 працэнтаў на год, а з 2010-га, дзякуючы ўсім нашым мерапрыемствам, пачалося зніжэнне па 2 працэнта на год.

Што да скрынінгу раку шыйкі маткі, то тут мы адстаём ад Злучаных Штатаў, таму што выкарыстоўваем старую методыку афарбоўкі мазкоў. Наша жанчына павінна штогод абследавацца з выкананнем мазка з шыйкі маткі, але пры нармальнай сістэме афарбоўкі дастаткова здаваць такі аналіз раз на 5—7 гадоў. Мы сёння пераходзім на новую сістэму — вадкасную цыталогію, паступова набываем абсталяванне, і з наступнага года гэта будзе ва ўсіх абласцях. Стары метад даследавання менш інфарматыўны, аднак калі жанчына рэгулярна праходзіла агляд, то мы выяўлялі пухліны на ранняй стадыі.

— Ці шмат жанчын штогод праходзілі абследаванне?

— Стварэнне электроннай сістэмы ўліку толькі пачынаецца, і калі яна будзе створана, тады ў нас і будуць звесткі па рэальнай сітуацыі. Пакуль мы дзялілі колькасць аналізаў на колькасць жанчын, і атрымлівалася, што рабіла іх сто працэнтаў. Безумоўна, гэта не так, проста некаторыя жанчыны праходзілі такое абследаванне некалькі разоў за год, што было ўстаноўлена на прыкладзе Гродзенскай вобласці. Рэальна абследуюцца каля 30 працэнтаў жанчын на год — неблагі працэнт, калі б толькі гэта былі розныя жанчыны.

— Якія парады па абследаваннях вы дасце мужчыну і жанчыне ва ўзросце пасля 50?

— Мужчыну раз на два гады здаваць аналіз крыві на прастатспецыфічны антыген, ПСА, але першы раз пажадана прайсці такое абследаванне, напрыклад, у 40 гадоў, каб пасля бачыць, як мяняецца гэты паказчык. Калі ў яго будзе менш за адзін, то наступны такі аналіз можна здаць і праз 3—4 гады, а калі вышэй за 4, давядзецца рабіць біяпсію. Жанчыне 50—70 гадоў раз на два гады трэба рабіць мамаграфію. Раней не варта з-за нізкай інфарматыўнасці гэтага віду абследавання ў маладых жанчын — ім паказана ўльтрагукавое абследаванне або магнітна-рэзанансная тамаграфія. Жанчынам 30—60 гадоў неабходна здаваць мазок з шыйкі маткі. Калі ўсё нармальна, то можна і раз на 4—5 гадоў, а пры паталогіі слухаць рэкамендацыі ўрача.
І мужчынам, і жанчынам пачынаючы з 50 гадоў неабходна кожныя 10 гадоў выконваць каланаскапію — абследаванне кішэчніка. Лепей пад анестэзіяй — пацыент нічога не адчувае, спакойна прачынаецца і праз паўгадзіны можна нават садзіцца за руль.

— Як быць, калі ўрач не прызначае такія абследаванні?

— Каланаскапію шырока пакуль і не прапануюць, бо не ўсюды ёсць адпаведнае абсталяванне і ўмовы для правядзення паўнавартаснага наркозу, што абавязкова павінна быць. Аднак ва ўсіх буйных клініках, у тым ліку абласных, такія магчымасці ёсць. Таму можна звяртацца самастойна, асабліва калі ёсць нейкія скаргі. Калі прапануе тэрапеўт, не адмаўляйцеся — значыць, у вашым раёне пачалася скрынінгавая праграма.

— На што мы сёння ў анкалогіі трацім больш грошай — на дыягностыку ці лячэнне?

— Адно без другога немагчымае. Чым раней мы паставім дыягназ, тым менш сродкаў патрацім на лячэнне і лепшы эфект атрымаем. Пры 1—2 стадыях усіх лакалізацый анкалагічных захворванняў 5-гадовая выжывальнасць набліжаецца да ста працэнтаў, пры 3-й — гэта ўжо 50/50, а пры 4-й — каля 10 працэнтаў. 1—2 стадыя выяўляюцца ў першую чаргу з дапамогай скрынінгу, калі пацыент ні на што не скардзіцца і лічыць сябе здаровым. Цудадзейнай таблеткі ад раку яшчэ ніхто не вынайшаў, вылечыць пацыента з запушчанай пухлінай не ўяўляецца магчымым, хоць на лячэнне з кожным годам вылучаецца ўсё больш грошай. І з'яўляюцца новыя высокаэфектыўныя лекі, якія значна падаўжаюць жыццё, распрацоўваюцца новыя аперацыі, пра якія раней нават не марылі... Сёння мы можам праводзіць аперацыю на некалькіх органах адначасова, напрыклад, на сэрцы і лёгкім — аортакаранарнае шунціраванне плюс выдаленне пухліны лёгкага.

— І можна выдаліць адразу некалькі пухлін?

— 15 працэнтаў пацыентаў маюць пухліны некалькіх органаў. Бывае так, што ў аднаго хворага — сем розных пухлін. Нярэдка такое назіраецца ў курцоў, калі пакутуе лёгкае, мачавы пузыр і г. д., хоць аперыраваць за адну аперацыю можна і метастазы.

— У свеце не спыняецца даследаванне новых спосабаў процістаяння раку. Як мы спраўляемся з такой задачай?

— Яшчэ на даклінічных стадыях — на жывёлах — праводзіцца незлічоная колькасць такіх даследаванняў. Кожны год выходзіць велізарная колькасць навуковых публікацый па новых відах лячэння, праўда, да клінічнага прымянення даходзіць прыкладна адзін працэнт з іх. Тое, што эфектыўна на мышах, не абавязкова акажацца эфектыўным для чалавека... У нашым цэнтры таксама ёсць свой віварый, дзе праводзяцца ў тым ліку даклінічныя выпрабаванні новых метадаў. Штогод мы праводзім каля 70 навуковых даследаванняў, большасць якіх прысвечаны канчатковай фазе — эфектыўнасці для пацыентаў.

27 14 kopiya 1

Як абследавацца на рак, калі ніякіх скаргаў няма?

Такая магчымасць ёсць дзякуючы адкрытай на базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу. Абследаванне «на рак» цалкам даступнае — дастаткова пазваніць і запісацца па нумары кабінета платных паслуг. Кожнаму пацыенту ўрач падбірае сваю праграму абследавання. Паводле вынікаў аналізаў, ультрагукавога і рэнтгенаўскага даследаванняў прызначаецца час наступнага візіту. Дарэчы, такія магчымасці ёсць і ў абласных анкадыспансерах.

— Што самае складанае ў барацьбе з ракам?

— Вучоныя думалі, што як толькі расшыфруюць геном чалавека, то адразу і перамогуць рак. Расшыфравалі, пачалі з'яўляцца і адпаведныя прэпараты, якія называюцца таргетнымі, і вось сёння ў нас ужо звыш 600 такіх прэпаратаў, але кожны накіраваны на канкрэтную мутацыю. А мутацый выяўляецца ўсё больш і больш, і нават дзве ракавыя клеткі, што размяшчаюцца побач, розныя па сваіх фізічных якасцях. Таму пакуль не ўяўляецца магчымым вырабіць універсальны прэпарат, які будзе ўздзейнічаць адразу на ўсё. Лекаў становіцца ўсё больш, яны ўсё даражэйшыя — рак лячыць усё цяжэй. Таму ў складаных сітуацыях дзякуючы магчымасцям нядаўна створанай малекулярна-генетычнай лабараторыі мы спачатку выяўляем асаблівасці пухліны, мутацыі, а таксама адчувальнасць пацыента да лекаў. Па сутнасці, яны ўніверсальныя, аднак калі вызначыць індывідуальную адчувальнасць, то можна з вельмі высокай імавернасцю меркаваць, якія лекі, з тых што ёсць, забяспечаць найбольшы эфект.

— Чым лячыць, калі такіх лекаў для пацыента не акажацца?

— Будзем праводзіць паліятыўнае лячэнне, даглядаць, выконваць аперацыі, якія да апошняга дазволяць рухацца, будзем выдаляць метастазы... Існуе яшчэ і гіпертэрмічнае лячэнне, якое павялічвае адчувальнасць пухліны да лячэння. Прымяняецца ўжо больш за сорак гадоў і пераважна на самай позняй стадыі. Цела чалавека награваецца пад наркозам да 42,5 градусаў, уводзіцца хіміяпрэпарат і вялікая доза глюкозы (гэта моцна пашкоджвае пухліну). Чалавек выжывае, а пухліна гіне.

— А на ранніх стадыях можна абысціся і без хірургічнага ўмяшання?

— Можна, напрыклад, з дапамогай фотадынамічнай тэрапіі, калі ўводзіцца фотасенсібілізатар. Дарэчы, у нас ёсць айчынны прэпарат — «Фаталон». Найлепшы ў свеце, хоць і недастаткова даследаваны і разрэкламаваны. Вырабляецца з раслін, валодае нізкай таксічнасцю. Пад уздзеяннем лазера пэўнай даўжыні хвалі гэты прэпарат спрыяе выпрацоўцы сінглетнага, або атамарнага кіслароду, які і вынішчае клеткі пухліны. Прымяняецца такі спосаб лячэння на ранніх стадыях раку шыйкі маткі, скуры, слізістых, бо лазер пранікае на глыбіню не больш за 1 см.

— Ці кожны чалавек, калі не загіне ад інсульту ці інфаркту, стане ахвярай анкалогіі?

— Гэта так. Ракавыя клеткі ў кожнага ўзнікаюць пастаянна. Пастаянна адбываюцца мутацыі, якія паспяхова вынішчае наша імунная сістэма. Аднак апошняя можа перастаць спраўна выконваць сваю задачу. Або ракавых клетак будзе ўтварацца так многа, што нармальная імунная сістэма не справіцца з імі. Менавіта гэта назіраецца пад уздзеяннем канцэрагенаў — тытуню, радыяцыі, нейкіх хімічных рэчываў, а таксама моцных стрэсаў. Чым большае такое ўздзеянне на нас, тым больш ракавых клетак будзе ўтварацца. Калі б мы выдалілі з нашага жыцця хоць бы курэнне, то ў нас амаль не сустракаўся б рак лёгкага, мачавога пузыра, гартані, страўніка...

— Гэта праўда, што некаторыя прадукты харчавання валодаюць эфектам барацьбы са злымі клеткамі?

— Ёсць прадукты, якія выклікаюць пухліны, а ёсць тыя, што перашкаджаюць іх утварэнню і нават дапамагаюць лячэнню. Гэта ў першую чаргу ўсё, што змяшчае амега-3 тлустыя кіслоты. Суадносіны амега-3 і амега-6 тлустых кіслот мае вялікае значэнне. Апошнія (знаходзяцца ў прадуктах жывёльнага паходжання, у асноўным у чырвоным мясе) стымулююць узнікненне пухліны, а амега-3 (гэта раслінная ежа, марскія прадукты) перашкаджаюць пухлінам, змяншаюць запаленне. Некалі суадносіны тлустых кіслот былі 1:1, а сёння гэта ў лепшым выпадку 1:15 на карысць амега-6. Мы ўжываем шмат мясных прадуктаў і мала агародніны, садавіны, зяленіва, рыбы. Мяса нельга ўжываць штодня, тым больш тры разы на дзень. Калі не дабіраеце амега-3 з прадуктамі харчавання, можна ўжываць і ў капсулах — яны прадаюцца ў аптэках. Гэта карысна і для сардэчна-сасудзістай сістэмы. Супрацьпухлінным эфектам валодае і зялёны чай — 4—5 шклянак на дзень забяспечваюць добры антыаксідантны эфект. Вялікую колькасць амега-3 змяшчаюць толькі тры віды алею — аліўкавы, ільняны і рапсавы. А вось цукар і тут трэба абмяжоўваць, хоць у першую чаргу для таго, каб не набіраць вагу і не трапіць у групу рызыкі па цукровым дыябеце, які прырастае неймавернымі тэмпамі. Лішняя вага — гэта яшчэ і пагроза пухлін страўнікава-кішачнага тракту, рак цела маткі. Трэба мець нармальную вагу, таму што ў групе рызыкі па раку малочнай залозы ў розным узросце могуць аказацца і надта хударлявыя жанчыны.

Трэба вучыцца пераключацца, каб мінімізаваць уздзеянне стрэсу. Фільмы, кіно, тэатр — гэта выдатна, а вось з алкаголем трэба быць акуратным. Невялікія дозы знімаюць стрэс, забяспечваюць антыаксідантны эфект, калі ўжываць чырвонае віно. А злоўжыванне алкаголем гарантуе процілеглы эфект — узмацняецца пад яго ўплывам уздзеянне іншых неспрыяльных фактараў. З-за пашкоджанай печані, сардэчна-сасудзістай сістэмы такіх пацыентаў пасля
і лячыць цяжэй.

— Якія змены адбыліся ў анкалагічнай службе рэгіёнаў?

— Медустановы абласнога і міжраённага ўзроўню поўнасцю пераабсталяваныя. У наш цэнтр накіроўваюцца ў першую чаргу пацыенты Мінскай вобласці (таму што Мінскага абласнога анкадыспансера няма), а таксама па накіраванні з вобласці, калі там не могуць дапамагчы.

Источникhttp://zviazda.by/be/news/20170526/1495811829-rak-lyachyc-usyo-cyazhey