mv belenkov

Медаль «За працоўныя заслугі» — за шматгадовую плённую працу і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў — знайшоў свайго героя ў Ашмянскай ЦРБ. Узнагароду атрымаў урач-хірург хірургічнага аддзялення Аляксандр Белянкоў. У працоўнай кніжцы доктара пазначаны толькі дзве ЦРБ Гродзеншчыны — Смаргонская і Ашмянская. Усё жыццё ён прысвяціў свайму магістральнаму прафесійнаму накірунку — хірургіі.

Першапраходзец

— На нядаўняй сустрэчы с аднакурснікамі — выпускнікамі Віцебскага медінстытута 1976 года, сказаў, што выбраў прафесію абсалютна выпадкова, — прызнаўся ў час размовы з карэспандэнтам «МВ» доктар Белянкоў. — Але ніколі не пашкадаваў пра свой выбар.

Нарадзіўся Аляксандр Віктаравіч непадалёк ад Гомеля ў вясковай сям’і.

Бацька настаўнічаў, маці працавала на розных сельгасработах. Падлетак на летніх канікулах шчыраваў на калгасным полі, у старэйшых класах быў нават памочнікам камбайнера. Заліпскую сярэднюю школу скончыў з залатым медалём і меркаваў паступаць у сельскагаспадарчую акадэмію, але раптам перадумаў і падаў дакументы ў медінстытут. Вучыўся на выдатна і нават быў Ленінскім стыпендыятам. З вялікай удзячнасцю згадвае сваіх настаўнікаў.

— На ўсё жыццё запомніўся прафесар Юлій Мартаў — апантанасцю справай, жаданнем самаўдасканалення, — узгадвае Аляксандр Віктаравіч. — Яго маці Ганна Фларыянаўна, у якой я таксама вучыўся, была франтавым хірургам. У 1941 годзе скончыла медінстытут і адразу пайшла на фронт. У пасляваенны час ёй было няпроста адаптавацца да грамадзянскай медыцыны… Юлій Барысавіч, як і маці, быў чалавекам бескампрамісным, у пэўных сітуацыях нават катэгарычным і жорсткім, але пры гэтым вельмі спагадлівым. Першая адзнака, якую ў яго атрымаў, была двойка, але праз нейкі час ён падышоў да мяне і цвёрда прамовіў: «Калі надумаеш стаць хірургам, ты мне скажы, і я дапамагу».

Пасля чацвёртага курса Аляксандр праходзіў практыку ў Клімавічах. Менавіта там з’явілася канчатковае рашэнне застацца ў хірургіі.

— Я жыў на кватэры ў бабулі — былой санітаркі, непадалек ад раённай бальніцы. Аднойчы ноччу мяне, студэнта 4-га курса, паклікалі ў радзільны дом. Акушэр-гінеколаг Раіса Натанаўна мелася зрабіць кесарава сячэнне і ёй быў неабходны асістэнт… Аперацыя прайшла паспяхова. Нарадзіўся хлопчык вагой 4 200 г. Калі выходзіў з аперацыйнай, Раіса Натанаўна кінула мне ў след: «Выбірай хірургію — у цябе атрымаецца».

Сваю першую аперацыю Аляксандр Віктаравіч памятае па сёння. Гэта была класічная апендэктамія. За час вучобы будучы доктар паспеў ажаніцца (жонка — правізар). У Віцебску нарадзіўся першынец.

Земскі доктар

Скончыўшы ардынатуру, малады спецыяліст па размеркаванні пераехаў на радзіму жонкі ў Смаргонь, дзе стаў хірургам у раённай бальніцы. Яму пашчасціла працаваць пад началам тагачаснага загадчыка хірургічнага аддзялення Юрыя Чапёлкіна — чалавека, улюбёнага ў сваю справу, выдатнага дыягноста. Неўзабаве быў накіраваны на курсы павышэння кваліфікацыі ў Казань.

— Курсы былі канструктыўныя, і вельмі хацелася набытыя веды прымяніць у практычнай медыцыне, — прыгадвае Аляксандр Віктаравіч. — Менавіта тады мне прапанавалі ўзначаліць хірургічнае аддзяленне Ашмянскай раённай бальніцы. Я пагадзіўся і затрымаўся тут ажно на трыццаць гадоў.

Быў перыяд, калі ініцыятыўнага доктара папрасілі стаць на чале райбальніцы. Ён згадзіўся, але хірургічнай справы не пакінуў.

— У тыя гады былі вельмі сціплыя дыягнастычныя магчымасці. Нашых пацыентаў на ультрагукавую дыягностыку і сур’ёзныя аперацыі пасылалі ў Вільнюс. Мы мусілі даказаць, што можам спраўляцца на месцы з любымі праблемамі. Трэба было змяніць сітуацыю і ў адносінах да некаторых кансерватыўных спецыялістаў, якія не імкнуліся ўжываць інавацыйныя падыходы.

У канцы 1980-х да нас прыйшлі некалькі маладых хірургаў, з якімі было лягчэй укараняць сучасны стыль працы. Памятаю, на той час быў толькі адзін рэнтген-апарат, на якім працаваў вопытны ўрач-рэнтгенолаг Валерый Тапаркоў.

Сёння ў нас цалкам укамплектаваны эндаскапічны кабінет з некалькімі відэастойкамі, два кабінеты ультрагукавой дыягностыкі, сучасныя рэнтгенаўскія апараты. З 2012 года праводзім лапараскапічныя аперацыі.

Аляксандр Белянкоў упэўнены: раённы хірург, як і земскі доктар, павінен быць майстрам-універсалам.

дом там, дзе сэрца «Я слаўлю адналюбаў слепату!» — выгукнуў аднойчы класік і меў рацыю. Гэта асаблівая кагорта людзей. Доктар Белянкоў менавіта з такіх.

— Мне імпануе адданасць, — прызнаецца Аляксандр Віктаравіч. — Я адданы любімай рабоце, каханай жанчыне, маці нашых дзяцей (у нас двое сыноў), Радзіме. У той час, калі многія ўрачы з’язджалі ў пошуках лепшай долі за мяжу, я не хацеў і думаць пра гэта.

За апошнія дзесяцігоддзі шмат пазітыўнага адбылося ў медыцыне. Змянілася і карціна захворванняў.

— Сёння значна менш ускладненняў язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, — разважае доктар. — Прабадную язву не аперыравалі ўжо некалькі гадоў. З’явіліся метады эндаскапічнага гемастазу, і мы вельмі рэдка аперыруем крывацёкі.

Памяняліся метады дыягностыкі і формы кансультавання, якое цяпер можна атрымаць у рэжыме анлайн. Аднак засталіся нязменнымі адданасць справе і адказнасць перад пацыентам.

З вуснаў калег

Уладзімір Кунц,
галоўны ўрач Ашмянскай ЦРБ:

— З доктарам Белянковым знаёмы з 1997 года. Тады я быў інтэрнам, а ён загадваў хірургічным аддзяленнем.

Ён уразіў мяне прафесіяналізмам, наватарскім падыходам, агульнай эрудыцыяй. Дзесяць гадоў быў галоўным урачом і пры гэтым займаўся хірургіяй.

З гэткім жа імпэтам Аляксандр Віктаравіч працуе і сёння. Ён многа чытае і калі раптам знаходзіць нешта цікавае, абавязкова імкнецца навучыць нас. На гэтага чалавека можна разлічваць — ён ніколі не падвядзе.

Юрый Янушка, 
загадчык хірургічнага аддзялення
Ашмянскай ЦРБ:

— Калі я сюды прыехаў, Аляксандр Віктаравіч загадваў хірургічным аддзяленнем. У яго было чаму павучыцца.

Мы пачалі выконваць рэзекцыю страўніка, праводзіць разнастайныя віды вагатаміі, умяшанні на жоўцевых шляхах з анастамозамі. Своечасова аперыравалі хворых на востры халецыстыт. Пачалі праводзіць умяшанні на нырцы, урэтаралітатамію, аперацыі пры чэрапна-мазгавых траўмах і г. д. Мне заўсёды імпанавалі мэтанакіраванасць гэтага чалавека, яго інтэлігентнасць, стрыманасць, уменне даводзіць пачатую справу да канца.

Источник: Медицинский вестник